Беларускі куток

“Толькі выхаванне, створанае самім народам і заснаванае на народных пачатках, мае тую выхаваўчую сілу, якой няма ў самых лепшых сістэмах, заснаваных на абстрактных ідэях.”

 К.Дз. Ушынскі

Усё часцей і часцей назіраецца збядненне духоўнага свету дзяцей, перанасычэнне яго свядомасці інфармацыяй з розных сродкаў масавай інфармацыі: інтэрнэт, відэа -  і аўдыёпрадукцыя, спутнікавае тэлебачанне.  Як змяніць сітуацыю? Як выхаваць духоўна багатую і ўсебакова развітую асобу, сэнс жыцця якой быў бы цесна звязаны з лёсам народа, краіны? Якія прынцыпы і тэхналогіі для гэтага выкарыстаць? Гэтыя пытанні хвалююць кожнага педагога сучаснага дзіцячага сада. Таму ўзнікла неабходнасць мэтанакіраванай працы па фарміраванні ў дашкольнікаў погляду на нацыянальную культуру, як на фундаментальную духоўную каштоўнасць народа. Бо толькі той чалавек, які засвоіў культурныя каштоўнасці сваіх продкаў, зможа актыўна ўплываць  на жыццёвыя абставіны і аналізаваць стваральную дзейнасць людзей.

Нацыянальная самасвядомасць з’яўляецца  духоўным здабыткам асобы, складае маральную аснову яго жыццядзейнасці.

Дашкольная ўстанова – пачатковая ступень сістэмы адукацыі. Дашкольны ўзрост  - найбольш спрымальны перыяд для авалодвання дзецьмі элементамі беларускай народнай культуры. Менавіта ў гэты прамежак жыцця ў дзіцяці фарміруецца цікавасць, патрэба да ведаў, якія адпавядаюць яго прыродным і асабістым задаткам, закладваецца трывалы фундамент ведаў.

Адной з асноўных задач выхавання і навучання  ДУА  «ЯСЛІ-САД № 43 г. САЛІГОРСКА»  з’яўляецца шырокае далучэнне дзяцей да агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей культуры, а адзін з асноўных  прынцыпаў адукацыйнай работы – прынцып цеснай узаемасувязі нацыянальнага і агульначалавечага ў выхаванні. Гэта абумоўлівае зварот да народнай педагогікі, нацыянальных традыцый, фальклору. 

Прынцып гуманізацыі нашай работы праяўляецца ў стварэнні  ўмоў для развіцця дзіцяці, у забеспячэнні ўзаемасувязі адукацыйнага працэсу ў дашкольнай установе з гуманістычнымі традыцыямі народнай педагогікі, фальклорам, нацыянальным мастацтвам. Згодна з гэтым прынцыпам, у работу па фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці неабходна ўключаць матэрыял, які пазнаёміць дзяцей з грамадствам, пашырыць веды аб сабе і блізкіх яму людзях, пазнаёміць з народнымі традыцыямі, святамі, абрадамі. 

Наступны прынцып работы прынцып паслядоўнасці і паступовасці – дазваляе фарміраваць нацыянальную самасвядомасць дзяцей дашкольнага ўзросту, не парушаючы ўнутранага свету дзіцяці: праз малое да вялікага, праз вядомае знаёміць з невядомым. Таму дзецям мэтазгодна даваць элементарныя звесткі аб прыродзе Беларусі, працоўнай дзейнасці беларускага народа, аб культуры і мастацтве, выкарыстоўваючы загадкі, забаўлянкі, песенкі, беларускія народныя гульні. Новы матэрыял павінен мець пад сабой фундамент раней засвоеных ведаў.

Музей – месца захавання народнай спадчыны

З  якой хуткасцю  бяжыць час. Асабліва гэта адчуваецца ў перыяды сацыяльных змен у грамадстве. Любы пераломны момант у жыцці людзей суправаджаецца і з’яўленнем новых, часам з цяжкасцю ўспрымаемых, каштоўнасцей. У такі час узнікае жаданне трымацца за штосьці трывалае, непарушнае. Такой апорай у чалавека заўсёды застаецца памяць, якая дае сілы прыняць новае, не патраціўшы пры гэтым тое каштоўнае, што назапашана чалавецтвам. 

Захавальнікамі памяці заўсёды былі і застаюцца музеі. Для большасці дзяцей Беларусі менавіта з музея і пачынаецца іх грамадзянскае станаўленне.  Тут яны ўпершыню пачынаюць асэнсоўваць сваё  дачыненне  да ўсяго, што адбываецца навокал, а словы Радзіма, родны кут, любоў да Айчыны напаўняюцца новым сэнсам.

Што бачыць, што чуе сёння ў сваёй роднай старонцы сучаснае беларускае дзіця? Вакол яго – мора традыцыйнай культуры, але амаль у забыцці каляндарныя абрадавыя святы, фальклорнае мастацтва, нацыянальнае адзенне, рамесныя вырабы.  Наяўнасць у дзіцячым садзе музея дазваляе глыбей вывучыць і асэнсаваць гісторыю, культуру ў мэтах развіцця інтэлектуальных, маральных, культурных і творчых магчымасцяў дзяцей, выхоўваць у іх нацыянальную самасвядомасць, патрыятызм,  далучаць іх да нацыянальнай і агульначалавечай культуры, удзельнічаць ва ўдасканаленні выхаваўчай работы, праводзіць культурна - асветніцкую працу сярод бацькоў, насельніцтва.

Кожны высокаадукаваны чалавек павінен ведаць традыцыі і мову свайго народа, павінен умець спяваць свае народныя песні, шанаваць народныя танцы, ведаць, як з прадвеку ў век праходзілі святы ў нашым краі, любіць свае родныя мясціны, сваю Радзіму – Беларусь. Таму я добра ўсвядоміла, што, чым  больш нацыянальнага ў выхаванні дзяцей, тым мацней і духоўна багацей будзе наша нацыя. Калі перада мною паўстала пытанне, з чаго пачынаць работу, было зразумела, што спачатку неабходна стварыць музей, які з’яўляецца падмуркам рэалізацыі выхаваўчых мэт.

У працэсе фарміравання нацыянальнай самасвядомасці асобы трэба адрозніваць выхаванне ў сапраўдным значэнні гэтага слова. Яно павінна абапірацца на этнапедагогіку, народныя традыцыі і звычаі. Гэта дае магчымасць дашкольнікам спасцігнуць светапогляд і душу свайго народа, фальклорнага багацця, якія заўсёды былі магутным фактарам выхавання нашчадкаў. Музей - гэта тая прыступка, дзе ў працэсе навучання і выхавання дзіця далучаецца да багацця нацыянальнай культуры, спасцігае і асэнсоўвае свае карані, спазнае скарбонку народнай мудрасці.

Галоўная мэта музея:  выхаваць дашкольніка – грамадзяніна, дашкольніка – сына сваёй Радзімы, які паважае і ведае спадчыну сваіх бацькоў, гісторыю роднага краю, родную беларускую мову, які шануе і зберагае беларускія традыцыі.

У музеі дзеці судакранаюцца з прадметамі – праўдзівымі сведкамі культурнай спадчыны народа, яго багацця. Гэта забяспечвае высокую эмацыянальнасць успрымання матэрыялу, доказнасць пры яго выкладанні, што робіць выхаваўчы працэс больш дзейсным.

Вочы свецяцца радасцю і зацікаўленасцю тады, калі дзеці пераступаюць парог “Сяланскай хаты”. Да вясковай печы хочацца дакрануцца рукой: здаецца, яна яшчэ дыхае цяплом, пачаставаўшы гасцей верашчакай, дранікамі, пульхнымі блінамі.

Адна справа бачыць першабытныя прылады на фотаздымках, а зусім іншая – патрымаць у руках гэтыя рэчы. Можна шмат разоў гаварыць аб прыроднай кемлівасці і спрактыкаванасці нашых продкаў, іх уменні прыстасоўвацца да жыццёвых абставін і цяжкасцей, а можна прадэманстраваць дзецям драўляную мянташку, якую выкарыстоўвалі нашы продкі для таго, каб навастрыць касу, і паказаць, як гэта рабілася, як можна дрэвам завастрыць жалеза, і дзеці гэту кемлівасць і вынаходлівасць абавязкова ацэняць.

Усім вядома, што любы музейны прадмет – гэта прадмет жыцця беларускага народа ў пэўны час, таму яго неабходна берагчы ў памяць аб сваіх продках.

Дзеці з задавальненнем калышуць ляльку ў зыбцы, прасуюць бялізну з дапамогай валка і качалкі, з затоеным дыханнем трымаюць у руках запаленую грамнічную свечку і памінаюць сваіх блізкіх памерлых. Найбольш  якаснае грамадзянскае станаўленне асобы дашкольніка адбываецца менавіта праз практычную дзейнасць.

На шчасце, традыцыі нашых продкаў яшчэ не забыты, яны цепляцца ў нашых душах. Праз шэраг свят, экскурсій, заняткаў, дзеці далучаюцца да гістарычнай спадчыны, захоўваюць усё лепшае, што мае наш народ у сваёй скарбонцы, памнажаючы тыя нацыянальныя здабыткі, якія ўжо займела незалежная Беларусь.