Развіццё інтарэсу дзяцей дашкольнага ўзросту да сучаснай мастацкай літаратуры

Сучаснае пакаленне дзяцей — носьбіты кліпавага мыслення. Кліпавае мысленне — гэта асаблівасць, звязаная з успрыманнем інфармацыі праз яркія вобразы, ці «кліпы». Такая асаблівасць перашкаджае аналізу тэксту, уплывае на яго ўспрыманне. Сёння дзеці даволі лёгка пераказваюць літаратурныя творы, але складана вызначаюць іх ідэю. Гэта сцвярджэнне адносіцца не толькі да мастацкай літаратуры, а ўвогуле да здольнасці аналізаваць. Чытанне — амаль адзіны сродак фарміравання аналітычнага мыслення, таму вельмі важна сёння развіваць чытацкую культуру дзяцей.

Дзеці дашкольнага ўзросту, як правіла, не ўмеюць чытаць, таму кнігі выбіраюць і, адпаведна, ацэньваюць у першую чаргу дарослыя. Змест чытання фарміруюць самі бацькі. Зыходзячы з гэтага, было мэтазгодным правесці анкетаванне з бацькамі дзяцей дашкольнага ўзросту, каб высветліць іх адносіны як да беларускамоўнай дзіцячай літаратуры, так і ўвогуле да дзіцячага чытання.

У анкетаванні прымалі ўдзел 138 бацькоў дзяцей 4—5-гадовага ўзросту. Усім дарослым была прапанавана анкета, якая складалася з пэўных пытанняў і варыянтаў адказаў на іх.

Бацькам цяжка было назваць любімую кнігу сваіх дзяцей, большасць адказаў мела абагульнены характар: казкі, пазнавальныя творы, энцыклапедыі. У якасці канкрэтных аўтараў вельмі часта называліся К. Чукоўскі, А. Барто, А. Волкаў і інш. Як правіла, бацькі давяраюць кнігам, якія яны самі чыталі ў дзяцінстве, якія нясуць кансерватыўную, але вывераную мараль. На пытанне «Ці ёсць у Вас дома беларускамоўныя кнігі?» 85% рэспандэнтаў адказалі адмоўна. Толькі 15% маюць дома дзіцячыя кнігі на беларускай мове, прычым большасць з іх — беларускія народныя казкі.

Задачы анкетавання прадугледжвалі і высвятленне прыярытэтаў бацькоў у суадносінах зместу і афармлення кніг. Большасць бацькоў (85%) аддаюць перавагу менавіта зместу дзіцячай кнігі. Аднак пры гэтым, калі ў адказе патрабавалася выбраць канкрэтныя характарыстыкі, адзначалі знешнія параметры кнігі.

Вынікі адказаў на пытанне «Якую з прапанаваных кніг на беларускай мове Вы б жадалі бачыць у дамашняй бібліятэцы?» атрымаліся наступныя:
1. Кніга, якая ў казачнай форме вучыла б берагчы прыроду — 40%.
2. Кніга, якая вучыла б захоўваць здаровы лад жыцця — 26%.
3. Зборнік беларускіх народных казак — 18%.
4. Кніга, якая садзейнічала б патрыятычнаму выхаванню — 8%.
5. Кніга з арыентацыяй на хрысціянскія ідэі — 8%.

Безумоўна, абраныя пазіцыі — канкрэтныя і найбольш зразумелыя бацькам. Паўплывалі на вынікі адказаў і пэўныя стэрэатыпы. Як правіла, сучасныя бацькі — гэта дзеці, якія выхоўваліся ў савецкі час па кнігах, што не былі пазбаўлены ідэалогіі, месцамі нават перанасычаны ёй, а з хрысціянскімі матывамі ім увогуле наўрад ці давялося пазнаёміцца. Таму да гэтых дзвюх тэм бацькі аднесліся з насцярожанасцю, бо ўспрымаюць іх дастаткова прамалінейна. Патрыятычнае выхаванне ўяўляецца імі вельмі вузка, як любоў да Радзімы, у той час як гэтае паняцце больш глыбокае і ўключае ў сябе любоў да ўласных бацькоў, актыўную грамадзянскую пазіцыю, нацыянальную самасвядомасць. Хрысціянскія ідэі таксама атаясамліваюцца з выключна рэлігійнай тэматыкай, адпаведнымі персанажамі і ўстаноўкамі. Аднак пры гэтым кніга, заснаваная на такіх ідэях, абсалютна не прадугледжвае ніякай рэлігійнай прапаганды. Прыкладам тэматычных твораў з’яўляюцца казкі А. Масла, якія заснаваны на хрысціянскім гуманізме, аднак не маюць прамой сувязі з пэўнымі біблейскімі матывамі ці хрысціянскімі атрыбутамі. Кансерватыўна аднесліся рэспандэнты і да праблемы «забароненых» тэм у дзіцячай літаратуры. У якасці варыянтаў адказаў на пытанне «Якія тэмы недапушчальныя ў дзіцячай літаратуры?» былі прапанаваны дарослыя тэмы, якія ўзнікаюць у дзіцячай літаратуры і часцей за ўсё выклікаюць дыскусіі сярод педагагічных работнікаў. Выбар бацькоў шмат у чым абумоўлены іх уласнымі страхамі:
1. Гвалт — 46%.
2. Развод бацькоў — 21%.
3. Смерць — 17%.
4. Палавое выхаванне — 16%.

Трэба адзначыць, што многія дарослыя пакідалі ў адказах каментарыі, якія сведчаць пра тое, што дадзеныя тэмы могуць прымацца імі пры адпаведнай правільнай падачы.

Разам з тым нельга не ўлічваць змены ва ўспрыманні кніг сучаснымі дзецьмі. Папершае, у цяперашні час назіраецца значнае зніжэнне ўзроставых межаў уключэння дзіцяці ў кантэкст дзіцячай субкультуры, што выражаецца ў чытанні дзецям дашкольнага ўзросту кніг, якія раней чыталі ў значна старэйшым узросце. Гэта звязана з больш хуткімі тэмпамі пазнавальнага развіцця дзяцей, бо крыніц інфармацыі (тэлебачанне, інтэрнэт) у іх становіцца больш. Аднак часта дзіця гатова ўспрымаць сюжэт твора, але не здольна да сапраўднага спачування герою. У выніку фарміруецца пасіўны чытач, не здольны да аналізу кнігі. Па-другое, сучасныя дзеці дашкольнага ўзросту існуюць у асяроддзі, перанасычаным цацкамі з вельмі яркім знешнім выглядам. Кніга ў такіх умовах таксама набывае элемент цацкі. Візуальнасць выдання становіцца галоўным параметрам пры выбары кнігі. Два гэтыя фактары і фарміруюць змест і форму сучасных кніг для дзяцей. Максімальная ілюстраванасць, устаўка розных гульнявых функцый, перавага пазнавальных сюжэтаў над выхаваўчымі, арыентацыя на развіццё не чытацкіх, а іншых уменняў — усё гэта з’яўляецца вынікам змены ўмоў, у якіх выхоўваюцца сучасныя дзеці.

У такой сітуацыі бацькам, несумненна, патрэбна дапамога ў выбары кнігі. Нягледзячы на існаванне вялікай колькасці рэкамендацыйных чытацкіх спісаў, на практыцы бацькам даволі цяжка арыентавацца ў сучаснай дзіцячай літаратуры. Каб вырашыць гэтую праблему, была распрацавана праграма майстар-класа для бацькоўскага сходу і рэалізавана навучэнцамі педагагічнага каледжа. Мерапрыемства праходзіла ў два этапы. Першы этап прадугледжваў тэарэтычнае азнаямленне бацькоў з прапанаванай тыпалогіяй мастацкай літаратуры для дзяцей дашкольнага ўзросту. На другім этапе бацькі замацоўвалі атрыманыя веды на практыцы ў выглядзе сюжэтна-ролевай гульні «У кнігарні», дзе ім прапанавалася выбраць кнігу адпаведна ўзросту дзяцей, іх інтарэсаў і наяўнай суме грошай.

Тыпалогія кніг для дзяцей дашкольнага ўзросту

1. Кніга-карцінка.
Кніга-карцінка — гэта выяўленчае выданне, у якім ілюстрацыя з’яўляецца асноўным зместам, а тэкст яе дапаўняе. Сама па сабе ілюстрацыя спрыяла станаўленню выданняў для дзяцей як спецыфічнай літаратуры, паколькі дзякуючы ілюстрацыі кніга можа разглядацца як асобая мастацкая структура. Першыя ілюстраваныя кнігі для дзяцей з’явіліся ў Германіі ў канцы XVIII стагоддзя. Гэта былі дзіцячыя энцыклапедыі з малюнкамі: «Першапачатковае навучанне» Іагана Бернхарда Базедава і «Кніжкі-карцінкі для дзяцей» Фрыдрыха Юсціна Бертуха.

Наяўнасць узмоцненага невербальнага кампанента ўяўляе сабой характэрную рысу кніг-карцінак, бо ў дашкольным узросце наглядна-вобразнае мысленне пераважае. Ілюстратар кнігі з’яўляецца яе сааўтарам. У якасці прыклада прыводзім кнігу «Марцін і кацяня» У. Бубна. На кожнай старонцы — два сказы. Ілюстрацыя пераважае над тэкстам. Сюжэт даволі просты: Марцін падбірае на вуліцы кацяня, якое згубілася,а потым вяртае яго маці-кошцы. Прысутнасць дыялагічнай формы (размова маці і сына), як і ўвасабленне дзіцяці ў якасці галоўнага героя, актуалізуе змест твора. Як правіла, для дзіцячых кніг існуе раздзяленне на дарослы і дзіцячы свет, таму дарослыя героі і тая мараль, якая будзе рэалізавана такімі героямі ў творы, гучаць для дзіця непераканаўча. Паралельна з вялізным аўтарытэтам бацькоў у дашкольным узросце пануе і негатывізм, які Л.С. Выгоцкі ахарактарызаваў наступным чынам: «Гэта такія праяўленні ў паводзінах дзіцяці, калі яно не хоча рабіць што-небудзь толькі таму, што гэта прапанаваў дарослы» [2, с. 223].

Прастата кнігі ўсё ж дазваляе выканаць ёй дзве важныя функцыі — займальнасці і сацыялізацыі. Мараль не гучыць адкрыта, яна вынікае з самога сюжэта гісторыі: трэба слухаць бацькоў, дапамагаць іншым. Калі першая мараль рэалізавана праз паралель з непаслухмяным кацянём, аб’ектывізацыю страху дзіцяці застацца аднаму ў незнаёмых умовах пры страшным надвор’і, то другая вырашаецца якраз праз усведамленне магчымасці чалавека дапамагаць іншым.
2. Казка пазнавальнага характару з гульнявым элементам.
Формай прэзентацыі тэксту і ілюстрацый, асабліва блізкай дзецям дашкольнага ўзросту, з’яўляецца казка. Ідэальным спалучэннем гульні і сацыялізацыі вылучаюцца кнігі В. Астахновіч і Т. Сівец.

Кніга «Чаму кароўка Пярэстая» В. Астахновіч носіць пазнавальны характар і мае казачны сюжэт: белая кароўка Карнішэта пазычае ў крата чорныя шкуркі і становіцца чорнай,а калі ўцякае ад ваўка, губляе палову з іх, становіцца зноў Пярэстай. Сюжэт ускладняецца апісаннем прыроды, якое займае палову тэксту. У першыя гады жыцця дзіця цікавяць не столькі духоўныя, колькі матэрыяльныя дары акаляючага свету. Прырода яшчэ не з’яўляецца для яго крыніцай рэфлексіі, затое дзіця інтуітыўна разумее яе практычную каштоўнасць. У кнізе апісанні мяжуюць з дзеяннямі, з цікавай сюжэтнай лініяй, таму яны не выклікаюць абыякавасці ў чытача. Гульня ў кнізе рэалізавана не толькі праз займальны сюжэт, але і праз ілюстрацыі, якія прадстаўлены ў выглядзе аплікацый, часам з элементамі комікса. Выбар такога віда ілюстрацый невыпадковы: у канцы дзецям прапануецца матэрыял для аплікацыі. Кніга мае выхаваўча-пазнавальнае значэнне. З аднаго боку, знаёміць дзяцей з асаблівасцямі прыроды, некаторых жывёл, з другога — вучыць слухаць бацькоў.

3. Казкі-прыгоды жывёлы ці нейкага адушаўлёнага прадмета.
Казкі-прыгоды — дастаткова папулярны жанр менавіта для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Аднак у казачных прыгодах для дзяцей дашкольнага ўзросту, як правіла, галоўнымі з’яўляюцца жывёлы ці адушаўлёныя прадметы, у адрозненні ад кніг, прызначаных для больш дарослых дзяцей, дзе асноўныя героі — дзеці.

Такія казкі звычайна падзяляюцца на часткі і сюжэтна аб’ядноўваюцца адным галоўным героем. Яны могуць змяшчаць у сабе як цэласную сюжэтную лінію, якая вытрымліваецца ва ўсіх частках твора, так і ўяўляць сабой аднасерыйныя прыгоды героя, абмежаваныя адной часткай. Кнігі «Прыгоды мышкі Пік-Пік» Л. Рублеўскай і «Прыгоды маленькай Машынкі» Н. Бучынскай адносяцца да катэгорыі кніг з аднасерыйнымі сюжэтамі. Гераіня Л. Рублеўскай мышка Пік-Пік жыве ў звычайнай сям’і (з дзвюма дзецьмі і іх бацькамі-пісьменнікамі). Кожная частка — гэта гумарыстычны аповед пра новы вопыт мышкі ў той ці іншай справе.

Гумар, безумоўна, павінен прысутнічаць у дзіцячай літаратуры, бо яна сама па сабе мае аптымістычны, жыццесцвярджальны характар, аднак не ўсе прыёмы і формы камічнага могуць быць успрыняты дзецьмі. Так, напрыклад, іронію дзеці разумеюць толькі з 5—6 гадоў, таму яе выкарыстанне ў дзіцячай літаратуры непажадана. Л. Рублеўская ў сваёй кнізе часцей выкарыстоўвае камізм характару, камізм стану.

Мышка Пік-Пік — цікаўная, дапытлівая, здольная да прыдумкі істота са сваёй логікай. Безумоўна, аўтар праводзіць паралелі паміж нявопытнасцю мышкі і нявопытнасцю дзяцей. Кніга «Прыгоды маленькай Машынкі» Н. Бучынскай выклікае інтарэс у дзяцей па іншых прычынах. Нельга сказаць, што кніга адрозніваецца дынамічным сюжэтам ці гумарам, увагу выклікае паралель паміж жыццём Машынкі і жыццём дзіцяці. З аднаго боку, яна займаецца тым жа, чым і ўсе сапраўдныя машыны, а з другога — пазнае свет, як і малое дзіця:вырашае, якое масла смачнейшае, трапляе ў першыя ямы і г.д. Аўтамабільная тэма вельмі прыцягвае хлопчыкаў, але ў сучасных рэаліях такія захапленні абмяжоўваюцца менавіта дашкольным узростам. У кнізе пераважае пазнавальны аспект.

Дзеці не толькі даведваюцца пра механізм працы машыны, але і ўсведамляюць неабходнасць вывучаць правілы дарожнага руху, адносіцца ўважліва да сітуацыі на дарогах. Вопыт Машынкі — гэта часцей станоўчы вопыт, таму што яна слухае і выконвае ўсё, што даносяць да яе дарослыя.

У кнігах для дзяцей дашкольнага ўзросту вельмі часта прадстаўлены займальныя элементы, прычым менавіта на ўзроўні тэксту, а не афармлення. Напрыклад, аўтары прапануюць рэцэпты, загадкі, інструкцыі да аплікацыі, гульні. Такая форма таксама з’яўляецца адлюстраваннем запытаў сучаснага пакалення дзяцей, якія ў большасці ўжо з’яўляюцца носьбітамі кліпавага мыслення. Прапанаваныя гульні ў такім выпадку з’яўляюцца не толькі сродкам прыцягнення ўвагі, але і своеасаблівым працягам работы над спасціжэннем ідэі твора, расстаноўкі акцэнтаў на важных момантах.

Таксама трэба адзначыць даволі трапяткія адносіны да свету дзіцяці, адсутнасць адмоўных персанажаў, вострых канфліктаў, наяўнасць гарманічных адносін з дарослымі. Усё гэта сведчыць пра новыя формы ўзаемаадносін дарослага і дзіцяці, аб узмацненні ўвагі да асобы, імкненні засцерагчы свет дзяцінства ад рэальнага дарослага свету.

Такім чынам, з улікам меркаванняў бацькоў, для дзіцячай мастацкай літаратуры можна вылучыць наступныя характарыстыкі:
 Кансерватыўны характар, недапушчальнасць эксперыментаў і навацый.
  Максімальная ілюстраванасць кнігі, гарманічнае спалучэнне яе зместу і афармлення.
 Адназначная эмацыянальнасць кнігі,просты сюжэт.
Для папулярызацыі сучаснай дзіцячай літаратуры бацькам была прапанавана пэўная тыпалогія кніг для дзяцей. Дадзеная тыпалогія не толькі дапамагае лепш арыентавацца ў дзіцячай мастацкай літаратуры, але і зразумець, як тая ці іншая кніга дзейнічае на дзіця.
Сярод кніг, адрасаваных дзецям дашкольнага ўзросту, можна выдзеліць: кнігі-карцінкі, казкі пазнавальнага характару, казкі-прыгоды жывёлы ці адушаўлёнага прадмета. Вядучым жанрам для чытача такога ўзросту з’яўляецца казка.

Літаратура:
1. Арзамасцева, И. Н. Детская литература [Текст] : учеб. для студ. высш. и сред. пед. учеб. заведений / И. Н. Арзамасцева, С. А. Николаева. — 2-е изд., стер. — М. : Академия, 2002. — 472 c.
2. Выготский, Л. С. Воображение и творчество в детском возрасте [Текст] / Л. С. Выготский. — СПб. : Союз, 1997. — 96 с.
3. Зворыгина, О. И. Русская литературная сказка: речевые параметры жанра : автореф. дис. … д-ра филол. наук : 10.02.01 / О. И. Зворыгина; СурГПУ. — Екатеринбург, 2012. — 16 с.
4. Петровский, М. С. Книги нашего детства [Текст] / М. С. Петровский. — М. : Книга, 1986. —
288 c.
5. Потебня, А. А. Теоретическая поэтика : учеб. пособие / А. А. Потребня; сост., выступ. ст. и коммент. А. Б. Муратова ; СПб. гос. ун-т. — 2-е изд., испр. — М. : Академия ; СПб. : Изд-во СПбГУ, 2003. — 373 с.