Сучасныя падыходы да нацыянальна-моўнай адукацыі дзяцей дашкольнага ўзросту

У якасці галоўнай мэты сучаснай культурнагістарычнай парадыгмы адукацыі выступае фарміраванне граматнай, творчай асобы, здольнай да культурнага тварэння, развіццё і выхаванне дзіцяці як чалавека культуры. Менавіта чалавек з’яўляецца галоўнай культурнай каштоўнасцю, дзеля якой ажыццяўляецца развіццё грамадства. Зместам адукацыі ў сучаснай адукацыйнай парадыгме на ўсіх яе ўзроўнях з’яўляецца культура як спрэсаваны вопыт тысячагоддзяў, што ўключае ў сябе культуру паводзін, зносін, пачуццяў, мыслення і практычнай канструктыўнай дзейнасці.

Спецыфічным і ўніверсальным сродкам аб’ектывацыі зместу як індывідуальнай свядомасці, так і культурнай традыцыі, з’яўляецца мова. Мова выступае і як складнік культуры, і як яе прылада. Родная мова валодае асаблівым культуратворчым патэнцыялам, стварае ўмовы для асобаснага развіцця, духоўна-маральнага ўдасканалення дзяцей і педагогаў. У гэтым праяўляецца ўнікальнасць мовы як базіснага элемента культуры.

Яшчэ К.Дз. Ушынскі пісаў, што «ўвесь след свайго духоўнага жыцця народ клапатліва захоўвае ў родным слове» [9, с. 147], менавіта таму родная мова — гэта вялікі настаўнік для дзіцяці. Тую ж думку праводзіў беларускі народны паэт і педагог Якуб Колас, які неадразова падкрэсліваў, што «родная мова — гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет» [4, с. 26]. Падкрэсліваючы ролю роднай мовы ў духоўным развіцці асобы дзіцяці, Якуб Колас ва ўласцівай яму паэтычнай манеры пісаў: «Скрозь адчыненыя дзверы роднай мовы льецца шырокая, магутная плынь, людкуючы розум і пачуцці дзяцей» [4, с. 319]. Наталля Старжынская, доктар педагагічных навук, прафесар, прафесар кафедры методык дашкольнай адукацыі, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка сучасныя падыходы да нацыянальна-моўнай адукацыі дзяцей дашкольнага ўзросту

Тыя ж погляды знаходзім у нашых сучасных навукоўцаў. Так, В.У. Протчанка, разглядваючы ролю роднага слова ў станаўленні асобы, адзначаў: «Мова не толькі адлюстроўвае свет, але і стварае яго, забяспечвае мысліцельную функцыю. Уласная высакародная думка нараджаецца толькі словам праўдзівым, жывым, індывідуальным, укаранёным у свядомасць і быццё, глыбока асэнсаваным, суаднесеным з вопытам народа і яго нацыянальнай традыцыяй (вылучана намі — Н.С.)» [8, с. 68].

Дададзім, што працэс развіцця маўлення і культуры маўленчых зноін уяўляе сабой двухбаковы працэс узаемадзеяння і супрацоўніцтва яго суб’ектаў (педагога і яго выхаванцаў), што служыць падмуркам асобаснага развіцця дзяцей. З азначаных пазіцый у дадзенай канцэпцыі і разглядваюцца зыходныя палажэнні пабудовы зместу нацыянальна-моўнай адукацыі дзяцей дашкольнага ўзросту.

Тэарэтычныя асновы развіцця маўлення і культуры маўленчых зносін дзяцей дашкольнага ўзросту

Тэарэтычнымі асновамі развіцця маўлення і культуры маўленчых зносін дзяцей дашкольнага ўзросту з’яўляюцца ўяўленні аб заканамернасцях маўленчага развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту, сфармуляваныя ў працах Л.С. Выгоцкага, Д.Б. Эльконіна, А.А. Лявонцьева, І.А. Зімняй, Ф.А. Сахіна, С.Н. Цэйтлін, А.М. Шахнаровіча і інш. Згодна з іх поглядамі, прырода моўных здольнасцей і развіццё маўленчай дзейнаці вызначаецца наступнымі палажэннямі.

Перш за ўсё, мова і маўленне ўяўляюць сабой ядро, якое знаходзіцца ў цэнтры розных ліній псіхічнага развіцця — мыслення, уяўленняў, памяці, эмоцый.

Фарміраванне і развіццё маўленчай дзейнасці ўяўляе сабой складаны і супярэчлівы працэс. Сродкамі маўленчай дзейнасці з’яўляюцца элементы іерархічна арганізаванай сістэмы мовы — фанемы, марфемы, словы, сказы. Без знакавай сістэмы не могуць ажыццяўляцца чалавечыя зносіны на маўленчым узроўні. Зыходзячы з гэтага палажэння, авалоданне сродкамі маўленчай дзейнасці ёсць авалоданне знакамі і знакавымі аперацыямі.

Развіваючыся і арыентуючыся ў навакольным асяроддзі, дзіця засвойвае ўласцівасці прадметаў, авалодвае дзеяннямі з імі, спазнае адносіны паміж імі і засвойвае змястоўны бок знака, яго значэнне. Элементы маўленчай сістэмы ўводзяцца ў свядомасць дзіцяці ў выглядзе «лінгвістычнай інфармацыі» (Н.У. Імядадзэ) з навакольнага асяроддзя, гэта значыць — з маўлення акружаючых людзей, і становяцца яго здабыткам. Правільнае разуменне механізму авалодання сродкамі маўленчай дзейнасці адыгрывае вызначальную ролю ў распрацоўцы аптымальнай тэхналогіі навучання мове.

Сучасныя навуковыя працы псіхолагаў і лінгвістаў-даследчыкаў дзіцячага маўлення пераканаўча паказваюць, што развіццё маўлення дзяцей характарызуецца не проста перайманнем, узнаўленнем узораў маўлення дарослага, неўсвядомленым засваеннем моўных сродкаў і нормаў. Дзіця — актыўны суб’ект пазнавальнай дзейнасці, які асвойвае прадметны свет, узаемаадносіны паміж людзьмі і мову як сродак пазнання і ажыццяўлення гэтай дзейнасці. Вядучым у маўленчым развіцці з’яўляецца кагнітыўнае развіццё, якое стварае аснову для фарміравання семантычнага звяна моўнай здольнасці. Маўленне дзіцяці развіваецца ў выніку генералізацыі моўных з’яў, успрымання маўлення дарослага і ўласнай маўленчай актыўнасці. Гэта значыць, что ў аснове развіцця маўлення ляжыць актыўны, творчы працэс авалодання мовай, фарміравання маўленчай дзейнасці.

Са сказанага вынікае: у аснове навучання роднай мове ляжыць фарміраванне ў дзяцей здольнасці арыентавацца ў моўнай рэчаіснасці, моўных адносінах і ўзаемазалежнасцях. Вядучым напрамкам у навучанні роднай мове з’яўляецца фарміраванне моўных абагульненняў, элементарнага асэсавання з’яў мовы і маўлення. Арыентыроўка дзіцяці ў моўных з’явах стварае ўмовы для самастойнага назірання за мовай і развівае цікавасць да роднай мовы, забяспечвае творчы характар маўлення, тэндэнцыю да яго самаразвіцця.

Такім чынам, у дачыненні да дзяцей дашкольнага ўзросту можна і трэба казаць як аб развіцці іх маўлення, так і аб навучанні мове, паколькі развіццё маўлення абавязкова ўключае і фарміраванне ў дзяцей элементарнага ўсведамлення некаторых з’яў мовы і маўлення (Ф.А. Сахін). Інакш кажучы, развіццё маўлення — гэта фарміраванне маўленчых навыкаў і ўменняў, а навучанне мове — развіццё элементарнага ўсведамлення моўных і маўленчых з’яў, якое, у сваю чаргу, садзейнічае больш паспяховаму авалоданню практычнымі маўленчымі навыкамі.

Важнае значэнне для выпрацоўкі аптымальнай тэхналогіі навучання мае пытанне аб прыродзе моўнай здольнасці. Сучасная псіхалінгвістыка зыходзіць з таго, што крыніцай фарміравання моўнай здольнасці з’яўляецца патрэба ў сумеснай дзейнасці і зносінах дзіцяці з іншымі людзьмі, якія забяспечваюць такую дзейнасць. Гэта абумоўлівае камунікатыўную накіраванасць у навучанні мове, накіраванасць на суразмоўцу, аптымальнасць навучання з пункту гледжання ўздзеяння на іншага чалавека. Арганізацыя камунікатыўнага працэсу навучання мо-ве павінна забяспечваць фарміраванне паўнацэннай маўленчай функцыянальнай сістэмы, што магчыма толькі ва ўмовах рэальна маўленчых зносін або набліжаных да іх, так званых вучэбна-камунікатыўных сітуацыях. Камунікатыўнае развіцце, па І.А. Зімняй, разглядаецца ў агульным кантэксце сацыялізацыі дзіцяці ў плане зносін з дарослымі, аднагодкамі, уліку асаблівасцяў агульнай сітуацыі сацыяльнага развіцця.

Вядучымі падыходамі да пабудовы выхавання і навучання дзяцей дашкольнага ўзросту выступаюць асобасна-арыентаваны і звязаныя з ім культуралагічны і кампетэнтнасны падыходы.

Рэалізацыя асобасна арыентаванага падыходу азначае паслядоўнае стаўленне педагога да дзіцяці як да асобы, арыентацыя на інтарэсы дзяцей і перспектывы іх развіцця. У асобаснаарыентаванай парадыгме адукацыі асяроддзем развіцця і выхавання дзіцяці выступае культура, якая разглядаецца не проста як набор фіксіраваных сацыяльных эталонаў, а як сукупны творчы вопыт, як універсум творчых здольнасцей чалавека. Асваенне творчага патэнцыялу культуры мае на ўвазе яе творчае пераўтварэнне.

У якасці галоўнага арыенціра культуралагічнага падыходу выступае фарміраванне творчай асобы дзіцяці, здольнай да культурнага самаразвіцця. Выхавальнік аказвае дапамогу дзіцяці ў асэнсаванні яго як асобы, у выяўленні і раскрыцці яго магчымасцей, станаўленні самасвядомасці, у ажыццяўленні асобасна значных і грамадска дапушчальных спосабаў самавызначэння, самарэалізацыі і самасцвярджэння.

У адносінах да дзіцяці дашкольнага ўзросту маўленчае развіццё заключаецца не толькі ва ўдасканаленні яго зададзенай прыродай маўленчай здольнасці, фарміраванні вуснага маўлення як сродку сацыялізацыі, пазнання культуры і свету ў цэлым, а і ў фарміраванні пазіцыйнай нацыянальна-культурнай ідэнтыфікацыі, у аснове якой ляжыць асэнсаванне сябе як часткі пэўнай нацыі, разуменне самакаштоўнасці кожнага народа, яго мовы і культуры, выхаванне талерантнасці.

Кампетэнтнасны падыход засяроджвае ўвагу на выніках навучання. Уяўленні, уменні і навыкі, набытыя дзецьмі, разглядваюцца не як мэта, а як сродак паўнацэннага развіцця, фарміравання ключавых кампетэнцый, якія дазволяць паспяхова адаптавацца ва ўмовах дынамічнага развіцця сацыяльных стасункаў, у прыватнасці, самастойна выкарыстоўваць атрыманы вопыт у розных, нават нестандартных, сітуацыях зносін з дарослымі і равеснікамі, знаходзіць з іх выхад. Да такіх кампетэнцый у рамках развіцця маўлення і культуры маўленчых зносін адносяцца: маўленча-камунікатыўная, лінгвакультуралагічная і моўная.

Маўленча-камунікатыўная кампетэнцыя ўключае ўменні: разумець і пераказваць знаёмы мастацкі тэкст; будаваць дыялог з выкарыстаннем разнастайных моўных сродкаў у адпаведнасці з сітуацыяй; будаваць нескладаныя звязныя маналагічныя выказванні — апісанні, апавяданні, разважанні — для вырашэння камунікатыўных задач; ўсталёўваць кантакты з аднагодкамі і знаёмым дарослым; разумець выказванні іншага чалавека, уступаць у дыялог; задаваць пытанні, выказваць свой пункт гледжання; аргументаваць свае меркаванні; выконваць правілы маўленчага этыкету.

Лінгвакультуралагічная кампетэнцыя праяўляецца ў цікавасці да роднай мовы і элементарным эмацыянальна-каштоўнасным стаўленні да яе як складніка культуры; першапачатковай нацыянальнай самасвядомасці.

Моўная кампетэнцыя ўключае элементарныя веды аб мове, асноўных лінгвістычных адзінках (слова, гук мовы, склад, сказ); уменні вылучаць адзінкі мовы (праводзіць гукавы аналіз слова, падзел слова на склады, сказа на словы); валодаць на ўзроўні моўнага чуцця пачатковымі ўяўленнямі аб лексічных, арфаэпічных, граматычных нормах беларускай мовы, правілах маўленчага этыкету.

Працэс развіцця маўлення і культуры маўленчых зносін у дзяцей дашкольнага ўзросту заканамерна падпарадкоўваецца агульным прынцыпам сучаснай дашкольнай адукацыі: ампліфікацыі развіцця; антагенетычнаму; уліку вядучага віду дзейнасці; цэласнасці і сістэмнасці; актыўнасці, ініцыятыўнасці і суб’ектнасці; праблематызацыі; інтэграцыі; культураадпаведнасці; інтэгратыўнасці; пераемнасці.

Важным прынцыпам развіцця маўлення і культуры маўленчых зносін з’яўляецца прынцып мульцікультурнасці — арыентацыі на асваенне нацыянальнай культуры ў адзінстве з агульначалавечымі каштоўнасцямі. Незалежна ад мовы навучання (беларускай ці рускай) у працэсе яго ажыццяўляецца нацыянальнакультурная сацыялізацыя дзіцяці, фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці на аснове лепшых узораў народнай слоўнай творчасці і класічнай літаратуры для дзяцей.

Асаблівае значэнне мае фарміраванне элементарнага асэнсавання свайго і чужога маўлення, калі прадметам увагі дзяцей становіцца само маўленне, яго элементы. Фарміраванне маўленчай рэфлексіі (асэнсаванне ўласных маўленчых паводзін, маўленчых дзеянняў), адвольнасці маўлення складае найважнейшы аспект падрыхтоўкі да навучання пісьмоваму маўленню — грамаце.

Высокі ўзровень развіцця маўлення і культуры маўленчых зносін дзіцяці дашкольнага ўзросту ўключае:

 валоданне літаратурнымі нормамі і правіламі роднай мовы, свабоднае выкарыстанне лексікі і граматыкі пры выражэнні сваіх думак і складанні любога тыпу выказвання;

 развітую культуру зносін, уменне ўступаць у кантакт з дарослымі і равеснікамі (выслухоўваць, адказваць, пярэчыць, пытацца, тлумачыць);

 веданне норм і правіл маўленчага этыкету, уменне карыстацца імі ў залежнасці ад сітуацыі;

 валодаць некаторымі метамоўнымі ўяўленнямі і ўменнямі (гукавым і складовым аналізам слова, слоўным аналізам сказа, моўным чуццём у адносінах да норм роднай мовы).

Паняцце нацыянальна-моўнай адукацыі дзяцей дашкольнага ўзросту

Зыходзячы з культуралагічнага, асобаснаарыентаванага і кампетэнтнаснага падыходаў, мэтай развіцця маўлення і навучання роднай мове з’яўляецца фарміраванне моўнага ядра асобы дзіцяці — інтэграванай якасці, без якой яно не можа рэалізаваць сваю культуратворчую функцыю і самарэалізавацца як індывідуальнасць. Паняцце моўнага ядра асобы [2] з’яўляецца ў пэўным сэнсе вытворным ад паняцця моўная асоба (чалавек як карыстальнік і творца мовы [1]. У сваю чаргу чалавек як моўная асоба з’яўляецца сувязным звяном паміж мовай і культурай. Усе ўзроўні арганізацыі моўнай асобы, паводле Ю.М. Каравулава, пранізвае нацыянальны пачатак [3, с. 41—42].

Сказанае абумоўлівае неабходнасць навучання роднай мове ў кантэксце фарміравання нацынальна-моўнай культуры. Вядучымі метадалагічнымі пазіцыямі развіцця маўлення і навучання дзяцей дашкольнага ўзросту роднай мове ў адпаведнасці з культуралагічным і асобасна-арыентаваным падыходамі з’яўляюцца наступныя.

Мова — базісны элемент культуры чалавека. У жыцці чалавека мова перш за ўсё выступае як універсальны сродак зносін, мысліцельнай дзейнасці, спосаб пазнання навакольнай рэчаіснасці, у шырокім сэнсе слова — грамадска-гістарычнага вопыту чалавецства. У гэтым заключаюцца першасныя сацыяльныя функцыі мовы. Яна з’яўляецца тым культурнагістарычным асяроддзем, якое фарміруе асобу чалавека.

Другаснай сацыяльнай функцыяй мовы выступае яе праяўленне як этнамовы. Разам з агульнымі элементамі грамадска-гістарычнага вопыту ў мове праяўляюцца і нацыянальнакультурныя элементы, якія фіксуюцца ў яе структуры (лексіка-граматычных формах, фразеялагізмах, формах маўленчага этыкету і г.д.). У маўленні ж знаходзяць адлюстраванне сацыяльна абумоўленыя паняцці. Такім чынам, у працэсе функцыянавання мовы назапашванне культурнай інфармацыі адбываецца ў двух вымярэннях: моўным і камунікатыўным.

Нацыянальна-культурная (кумулятыўная) функцыя моўных сродкаў дазваляе далучацца да нацыянальных каштоўнасцей, спасцігаць іх асаблівасці ў значнай меры ўласна мовай народа. Менавіта веданнем значэнняў слоў нацыянальнай мовы, па сцвярджэнні вучоных, фарміруецца моўная свядомасць [6, с. 162]. Этнамова як кампанент этнасвядомасці накладвае пэўныя карэктывы на ўспрыманне і інтэрпрэтацыю чалавекам наваколля [5, с. 12]. Паколькі мова з’яўляецца формай існавання духоўнай культуры народа (фальклору, літаратуры, рэлігіі, філасофіі і г.д.), паўнацэннае вывучэнне мовы — гэта перш за ўсё далучэнне да духоўных каштоўнасцей сваёй нацыі. Навучанне мове ў кантэксце культуры мае на ўвазе і фарміраванне ў дзяцей каштоўнасных адносін да яе як першаэлемента культуры, што прадугледжвае засваенне дзецьмі культурнай спадчыны роднага і іншых народаў, усведамленне роднай мовы як крыніцы народнай мудрасці, шанавання звычаяў, традыцый і духоўных імкненняў народа.

Сучаснае ўсведамленне мэты развіцця маўлення і культуры маўленчых зносін дзяцей дашкольнага ўзросту не абмяжоўваецца рамкамі развіцця ў дзяцей уменняў практычнага валодання мовай у той або іншай ступені. Важнае значэнне надаецца фарміраванню элементарнага асэнсавання нацыянальнай мовы як феномена культуры, выпрацоўцы ўменняў карыстацца пачатковымі культуразнаўчымі ведамі. Ужо ва ўстанове дашкольнай адукацыі, асабліва ў адносінах да дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту, размова павінна ісці не проста аб навучанні мове, а аб моўнай адукацыі, якая, па сцвярджэнні даследчыкаў, з’яўляецца залогам авалодання культурай.

Паняцце моўная адукацыя значна шырэй за паняцце «навучанне мове». Моўная адукацыя арыентавана не толькі на навучанне дзіцяці асноўным відам вуснага маўлення, але і на фарміраванне ў яго асобасна значнага, станоўчага эмацыянальнага і творчага стаўлення да працэсу пазнання нацыянальнай культуры сродкамі роднай мовы. Мэтай моўнай адукацыі з’яўляецца само дзіця як чалавек культуры.

Такім чынам, першапачатковая моўная адукацыя — гэта станаўленне асобы шляхам уваходжання ў культуру, дзякуючы прыўлашчванню (прысваенню) і творчаму пераўтварэнню якой дзіця становіцца яе суб’ектам. Само ж прыўлашчванне адбываецца ў выніку пазнання, развіцця, выхавання і навучання. Пры дапамозе і падтрымцы педагога кожнае дзіця пры гэтым знаходзіць для сябе свой асобасны сэнс дзейнасці, што і дазваляе яму станавіцца суб’ектам адукацыйнага працэсу.

Зместам моўнай адукацыі дзяцей дашкольнага ўзросту павінна стаць моўная культура ў шырокім сэнсе слова. Апошняе азначае, што пад моўнай культурай разумеецца не толькі і не столькі «моўны эстэтызм», але перш за ўсё выкарыстанне мовы ў тых або іншых сферах, асабліваці поглядаў на мову, моўныя карціны свету і інш. — тое, што з’яўляецца першаступенным кампанентам культуры кожнага народа.

У адносінах да моўнай адукацыі на роднай мове можна гаварыць аб паняцці нацыянальнамоўнай адукацыі, у працэсе якой дзіця дашкольнага ўзросту ўваходзіць у родную нацыянальную моўную культуру, у яе прастору, якая складаецца падчас змястоўнага суразмоўніцтва на беларускай мове. Вывучэнне роднай мовы як інструмента фарміравання нацыянальнамоўнай культуры накіравана на развіццё асобасна значных уяўленняў, разуменне сістэмы каштоўнасцей уласнай лінгвакультурнай агульнасці.

Лінгвакультуралагічны падыход да развіцця маўлення і культуры маўленчых зносін у дзяцей дашкольнага ўзросту

На кумулятыўнай (нацыянальна-культурнай) функцыі мовы заснаваны лінгвакультуралагічны падыход да навучання мове, які забяспечвае, з аднаго боку, «уваходжанне» ў нацыянальную і сусветную культуру ў працэсе авалодання маўленнем на беларускай мове, а з другога — авалоданне беларускай мовай на аснове спасціжэння нацыянальнай культуры.

Развіццё ў дзяцей дашкольнага ўзросту маўлення на нацыянальнай мове ў сілу спецыфічнай сацыялінгвістычнай сітуацыі — блізкароднаснага двухмоўя — набывае ў нашай краіне некаторыя спецыфічныя рысы. Сучаснае беларускае дзіця дашкольнага ўзросту ўдзельнічае ў культурным жыцці і традыцыях беларускага народа, але спасцігае культуру ў значнай ступені сродкамі рускай мовы.

У сувязі з гэтым узнікае задача як мага больш ранняга — з моманту наведвання дзіцём установы дашкольнай адукацыі — далучэння да роднага слова шляхам увядзення ў нацыянальна-культурны фон беларускай мовы. У гэтым выпадку маўленчыя механізмы, што фарміруюцца ў дзіцяці, забяспечваюць нацыянальнае бачанне навакольнай рэчаіснасці.

Можна вылучыць наступныя метадычныя напрамкі рэалізацыі лінгвакультуралагічнага падыходу да развіцця беларускага маўлення і культуры маўленчых зносін у дзяцей дашкольнага ўзросту: 1) спасціжэнне каштоўнасцей і рэалій нацыянальнай культуры; 2) засваенне дзецьмі нацыянальна маркіраваных адзінак беларускай мовы; 3) навучанне беларускай мове ў дыялогу культур.

Далучэнне дзяцей да каштоўнасцей нацыянальнай культуры прадугледжвае ўключэнне ў змест адукацыі культуразнаўчых, перш за ўсё, мастацкіх тэкстаў (першае месца сярод іх належыць народным казкам, паданням, легендам), што адлюстроўваюць ментальны вопыт, культурныя асаблівасці беларускага народа. На аснове такіх тэкстаў адбываецца азнаямленне з культурным вопытам народа, этычнае і эстэтычнае ўздзеянне на думкі, пачуцці і паводзіны дзяцей.

Фарміраванню ў дзяцей каштоўнаснага стаўлення да нацыянальнай мовы садзейнічае ўключэнне ў змест навучання выказванняў пра Беларусь і беларускую мову, якія належаць выбітным стваральнікам культуры. Для дзяцей дашкольнага ўзросту гэта ў першую чаргу вершы пра родную мову, краіну Беларусь, беларусаў, накшталт: Беларусам я радзіўся, беларусам буду жыць, Беларускую зямельку буду шчыра я любіць. Бо радзімая старонка над усё мне прыгажэй, Беларуская гаворка над усё мне даражэй. А. Мілюць

Такія вершыкі дзеці з задавальненнем завучваюць і дэкламуюць.

У нацыянальна маркіраваных адзінках мовы культуразнаўчая інфармацыя можа быць пададзена ў двух аспектах. Першы пласт нацыянальна маркіраваных адзінак складаюць словы, якія абазначаюць рэаліі духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў, што адлюстроўваюць своеасаблівасць нацыянальнай карціны свету: назвы народных звычаяў і свят (Каляды і калядаванне і да т.п.), пабудоў (сенцы, сядзіба, клець, лазня і г.д.), традыцыйнага адзення (камізэлька, панёва, брыль і інш.), абутку (лапці, чобаты), страў нацыянальнай кухні (верашчака, дранікі, шчаўе і інш.), прадметаў народнага мастацтва (ручнікі, абрусы, гліняны спарыш, драўляныя цацкі і да т.п.), наймення прамежкаў часу (студзень, люты.., нядзеля і інш.) [7, с. 136].

Да другога пласту нацыянальна маркіраваных адзінак мовы, у якіх праяўляецца культуразнаўчая інфармацыя, адносяцца: устойлівыя параўнанні, заснаваныя на супастаўленні рыс характару, паводзін чалавека з жывёламі, раслінамі (надзьмуўся, як сыч); фразеялагізмы (як серада на пятніцу) сімвалы (вярба — увасабленне жыццёвай сілы, устойлівасці) і інш.

Як відаць, асаблівую ўвагу педагог павінен надаць адбору дзіцячага лінгвакультуразнаўчага матэрыялу, які ўключае: святы, традыцыі, звычаі беларускага народа; песні, танцы, казкі, паэзію, апавяданні, народныя гульні; прыказкі, прымаўкі, рыфмоўкі, скарагаворкі і г.д.

Трэці напрамак рэалізацыі лінгвакультуразнаўчага падыходу — дыялог культур — прызваны фарміраваць у дзяцей уяўленні пра самабытнасць і ўнікальнасць беларускай мовы і культуры шляхам яе параўнання з рускай мовай (а калі дзеці вывучаюць якую-небудзь замежную мову, то і з ёю). Гэта садзейнічае, па-першае, асэнсаванню дзецьмі агульнага і адметнага ў нацыянальных традыцыях і выхаванню павагі да культурных каштоўнасцей абодвух народаў, а па-другое, папярэджанню і пераадоленню моўнай інтэрферэнцыі. Акрамя таго, з улікам сацыялінгвістычнай сітуацыі ў Беларусі, у працэсе развіцця маўлення, у прыватнасці, навучання грамаце, дапускаецца азнаямленне дзяцей з эквівалентнымі з’явамі блізкароднаснай мовы. Педагог дапамагае дзяцям параўноўваць з’явы абедзьвюх моў (гук — звук, склад — слог, сказ — предложение), падводзіць да разумення таго, што і беларуская, і руская мовы маюць адны і тыя ж заканамернасці. Гэта садзейнічае больш глыбокай лінгвістычнай падрыхтоўцы дзяцей.

Такім чынам, працэс развіцця маўлення і маўленчых зносін у дзяцей дашкольнага ўзросту носіць агульнаразвіццёвы характар, садзейнічае ўдасканаленню творчых здольнасцей, актыўнай мысліцельнай дзейнаці дзіцяці, далучэнню іх да нацыянальных каштоўнасцей роднага народа праз яго мову. Развіццю маўлення і культуры маўленчых зносін дзяцей дашкольнага ўзросту дапаможа выкарыстанне вучэбна-метадычнага комплексу «Я мову родную люблю», у састаў якога ўваходзяць наступныя дапаможнікі аўтараў Н.С. Старжынскай і Д.М. Дубінінай: вучэбна-метадычны дапаможнік для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі з рускай мовай навучання «Развіццё беларускага маўлення дашкольнікаў (ад 4 да 7 гадоў)», вучэбна-наглядныя дапаможнікі для педагогаў да-школьных устаноў з русскай мовай навучання: «Развіццё беларускага маўлення дашкольнікаў (ад 4 да 5 гадоў)» і «Развіццё беларускага маўлення дашкольнікаў (ад 5 да 7 гадоў)».

Літаратура:

1. Богин, Г.И. Уровни и компоненты речевой способности человека / Г.И. Богин. — Калинин, 1975. 2. Бодалев, А.А. О коммуникативном ядре личности / А.А. Бодалев // Советская педагогика, 1990. — № 5. — С. 77—81. 3. Караулов, Ю.Н. Русский язык и языковая личность / Ю.Н. Караулов. — М., 2002. 4. Колас, Я. Збор твораў: у 14 т. / Я. Колас. — Мінск, 1976. — Т. 12. 5. Костомаров, В.Г. Мой гений — мой язык: Размышления языковеда в связи с дискуссиями о языке / В.Г. Костомаров. — М.: Знание, 1991. 6. Леонтьев, А.А. Язык. Речь. Речевая деятельность / А.А. Леонтьев. — М.: Просвещение, 1969. 7. Обучение русскому языку в школе: учеб. пособие для студентов пед. вузов / Е.А. Быстрова [и др.]; под ред. Е.А. Быстровой. — М.: Дрофа, 2004. 8. Протчанка, В.У. Роднае слова — крыніца развіцця асобы, духоўнасці народа / В.У. Протчанка // Адукацыя і выхаванне. — 1994. — № 12. — С. 60—65. 9. Ушинский, К.Д. Родное слово / К.Д. Ушинский // Педагогические сочинения: в 2 т. — М., 1974. — С. 145—159.