Санька марыць быць кумірам,
з лыжамі сябруе, з цірам.
Кажа ён, што хопіць волі
лепшым стаць у… (біятлоне).
На дзень народзінаў Андрушку падарыў дзядуля клюшку
і прамовіў урачыста:
— Будзь, унучак… (хакеістам).
Мяч не трапіць у вароты,
будзе хоць якім удар!
Коля зловіць яго з лёту,
ён выдатны… (варатар).
На бервяне сядзіць Агатка:
— Гляньце, гляньце,
я —… (гімнастка).
Толькі не магу ніяк,
як мама, сесці на шпагат.
У спаборніцтвах не лішні
наш Мікітка — спраўны… (лыжнік).
Не схацеў ісці ён пехам
і на лыжах з горкі з’ехаў!
Дражніць Глеб сястрычку Светку:
— Не ўтрымаеш ты ракетку!
Адстаўляе Света міску:
— Я даўно ўжо… (тэнісістка).
З самай рэзкае падачы
падхаплю любы я мячык!
Трохгадовая Ларыска
быць хацела… (фігурысткай),
ды замерзла навылёт і сказала: «Кепскі лёд!»
Р. Баравікова